Уладзімір Пуцін успрымае любы кампраміс як капітуляцыю, а капітуляцыя падштурхоўвае яго да далейшай агрэсіі, піша выданне, спасылаючыся на апошні даклад Амерыканскага інстытута вывучэння вайны (ISW).
Вашынгтонскі аналітычны цэнтр у сваёй шырокай справаздачы прааналізаваў падзеі 2014-21 гадоў, гэта значыць з моманту расійскай анексіі Крыма і распальвання Крамлём паўстання на Данбасе да «ультыматуму», выстаўленага Захаду за некалькі месяцаў да ўварвання ва Украіну. ISW падкрэсліла, што Масква ніколі не ўспрымала дзеянні ўладаў у Кіеве як пагрозу ўласнай бяспецы, а ўсе падобныя заявы былі толькі прапагандысцкім апраўданнем будучай агрэсіі.
Паводле аналітыкаў цэнтру, вырашыўшы напасці на суседнюю краіну, Пуцін меў намер дасягнуць дзвюх матаў — усталяваць фактычны кантроль над Украінай, а таксама выклікаць унутраны раскол у НАТА альбо нават распад гэтай арганізацыі. Аднак разлікі Крамля аб слабасці Захаду і яго няздольнасці аказаць істотную падтрымку Кіеву аказаліся цалкам памылковымі, адзначае выданне.
Перакананне Пуціна ў тым, што адзіным эфектыўным рашэннем можа быць узброеная агрэсія, узмацнілася падчас пандэміі Covid-19. Тады расійскі дыктатар стаў слухаць толькі сваіх самых давераных дарадцаў. Неабходнасць навязаць сваю волю Украіне і адпомсціць за нібыта «прыніжэнне» Расіі з боку Захаду ў 1990-я гады сталі яго апантанасцю. Людзі з блізкага атачэння Пуціна пацвердзілі, што гаспадар Крамля цалкам засяродзіўся на мінулым і страціў цікавасць да актуальных праблем, піша газета.
З улікам гэтых фактараў было б наіўна меркаваць, што прымус да чарговага «кампрамісу» і дасягненне дыпламатычнага рашэння, якое дэ-факта санкцыянавала б захоп Расіяй значнай часткі Украіны, азначала б заканчэнне вайны. З 2014 года Пуцін даказаў, што выкарыстоўвае кожнае такое пагадненне як магчымасць умацаваць сваё войска і падрыхтавацца да чарговага нападу, адзначаюць амерыканскія аналітыкі.
Адзіны спосаб рэальна скончыць вайну - гэта нанесці Расіі ваеннае паражэнне. Гэта, у сваю чаргу, будзе магчыма толькі ў тым выпадку, калі ваенная дапамога Захаду Кіеву захаваецца або павялічыцца, зазначае выданне.
юл